Што рабілі беларусы на хакатоне ў Тбілісі
Сярэдзінай лістапада ў сталіцы Грузіі адбыўся хакатон Ministry of Data, на якім каманды з Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы ды Украіны працавалі над праэктамі па трох буйных накірунках: міграцыя людзей, дзяржаўны бюджэт ды гендэрныя пытанні. А ўчора, 28 лістапада, ужо ў Менску прайшла сустрэча з прадстаўнікамі беларускіх каманд, на якой яны расказалі ўсім жадаючым пра свае праэкты. Тыя ж, хто не трапіў на сустрэчу, трымайце мае карокія натакі.
Рокет Саенс з праэктам Гендэрайзер

Першы выступоўца — Мікіта Курловіч — расказаў пра праэкт «Гендэрайзер» каманды «Рокет Саенс». Як бачна з назвы праэкта, праца йшла ў накірунку разгледжвання гендэрных пытанняў. Першай ідэяй, з якой каманда й падавалася на ўдзельніцтва, быў збор ды аналіз рэакцыі карыстальнікаў на навіны ў сродках масавай інфармацыі. Але ўжо падчас хакатону, улічыўшы свой досвед і парады ментараў, удзельнікі вырашылі змяніць фармат прадукта і ўдакладніць фокус даследвання. У выніку, Рокет Саенс распрацавалі прататып дастасавання да браўзэра, што мае намерам вывучыць суб’ектывізм у публікацыях СМІ і дазваляе сабраць базу праблемных артыкулаў. З такой базай, напрыклад, можна звярнуцца да пэўнай рэдакцыі па тлумачэнні.
Гендэрайзер дазваляе чытачам вылучыць сумніўны тэкст ды захаваць яго ў сваёй калекцыі. Далей, у кутку карыстальніка, можна дадаць нейкія нататкі, вылучыць у пэўную катэгорыю, надаць статус па умоўнай шкале абурэння. Прадугледжаны рэйтынгі СМІ ды асобных артыкулаў, карыснасць якіх будзе паляпшацца адпаведна росту базы праблемных публікацый. Таксама вылічваецца й рэйтынг саміх карыстальнікаў, адзначана магчымасць увядзення элементаў гейміфікацыі. Аўдыторыяй свайго прадукта Рокет Саенс бачаць праваабаронцаў ды актывістаў, што займаюцца гендэрнымі пытаннямі.
Разам са зборам базы суб’ектывізмаў стваральнікі плануюць назіраць за асаблівасцямі паводзінаў карыстальнікаў прадукта, каб потым, выкарыстоўваючы сабраныя матэрыялы, прыцягнуць машыннае навучанне ды аўтаматызаваць пошук адпаведных рэчаў на навінных парталах. Мікіта зазначыў, што праэкт можна лёгка маштабаваць і не трэба разглядаць Гендэрайзер як прыладу для даследвання адных толькі гендэрных пытанняў і толькі на расейскай мове. Так, гэта можа зрабіць дастасаванне цікавым для актывістаў, што змагаюцца з прапагандай ці распальваннем нянавісці.
Каманда «Рокет Саенс» плануе працягваць працу над праэктам ды адчынена да слушных заўваг і парадаў з боку актывістаў.
Візуатары з візуалізацыяй дзяржаўнага бюджэту Беларусі

Далей мы пазнаёміліся з праектам «Інсайты беларускага бюджэту», пра які распавяла Марына Калпак, удзельніца каманды «Візуатары».
За час хакатона Візуатары зрабілі працоўны прадукт, што ўяўляе сабой інтэрактыўную візуалізацыю на базе Табло Паблік. Як зазначыла Марына, праца йшла з думкай аб журналістах і чыноўніках, а асноўнай мэтай каманды было зрабіць структуру дзяржаўнага бюджэта больш зразумелай, а яго работу — празрыстай.
Крыніцай для сваёй аналітычнай прылады Візуатары абралі праэкт Кошт Урада, на якім сабраны дадзеныя па бюджэту Беларусі з 2009 года. Дарэчы, найбольш цяжкай часткай работы ўдзельніцы адзначылі апрацоўку дадзеных і наданне ім належнай для візуалізацыі формы. Сярод складанасцей Марына ўзгадала, што бягучая версія прадукта патрабуе ўручную дадаваць новыя дадзеныя раз на год і неблага было б падумаць у бок аўтаматызацыі гэтага працэса.

У выніку каманда прапанавала на хакатоне моцную багатую дадзенымі прыладу, што мусіць палепшычь жыццё даследчыкам бюджэта. Паглядзець на ўласныя вочы ды памацаць прадукт можна тут.
Блакіт з праэктам ProCure

Апошнім выступіў Ігар Анфімаў з прэзентацыяй праэкта ProCure каманды «Блакіт».
Уласна, праэкт змяшчае звесткі аб выніках дзяржаўных закупак і дае магчымасць карыстальнікам даследваць іх з дапамогай шэрага дыяграм. Так, для распрацоўкі прататыпа каманда выкарыставала дадзеныя з афіцыйнага сайту за апошні (перад хакатонам) месяц. У якасці прылад для візуальнай аналітыкі масіву дадзеных прапанаваны некалькі метадаў візуалізацыі:
- пайчарт для даследвання адноснага размеркавання бюджэту сярод пастаўшчыкоў;
- сеткавая дыяграма для аналізу пастаўшчыкоў дакладнай арганізацыі;
- бурбалкавая дыяграма, каб параўнаць вялічыню заробкаў пастаўшчыкоў;
- мапа са звесткамі размеркавання бюджэту па раёнах.

Асноўнымі карыстальнікамі прадукта, на думку аўтараў, будуць журналісты ды аналітыкі. Менавіта іх заклікаюць распрацоўшчыкі для абмеркавання функцыяналу прадукта з мэтай яго паляпшэння. Зараз удзельнікі «Блакіт» працуюць над прататыпам і плануюць паказаць першую версію да канца бягучага году.
Варта адзначыць, што каманда «Блакіт» са сваім праэктам перамагла ў хакатоне ў катэгорыі «Ведай свой бюджэт!». Вялікі патэнцыял ProCure у якасці прылады даследчай журналістыцы быў высока адзначаны членамі журы, якія спадзяюцца, што праэкт дапаможа беларусам адшукваць пэўныя патэрны, падазроныя выпадкі ды ўвогуле ажыццяўляць грамадскі кантроль дзяржзакупак у краіне.
Больш даведацца можна з прэс-рэлізу, падрыхтаваным камандай.
Віншую пераможцаў, і дзякую ўсіх удзельнікаў за іх карысныя праэкты і за тое, што адшукалі час, каб пра іх расказаць. Асабістая ўдзячнасць Мікалаю Куанталіяні за арганізацыю сустрэчы.