Разбор мапы буйных офісаў ІТ-кампаній Менску
Малюнак сапраўды атрымаўся ўражлівым. Але прапаную перадусім пабачыць яго на ўласныя вочы:
Ну згадзіцеся, прыцягвае ўвагу. Адразу з’яўляецца жаданне разабрацца, што там у гэтым месіве адбываецца, даведацца якая з кампаній, дзе ў Менску знаходзіцца. Але ж амаль адразу прыходзіць разуменне, што размяшчэнне брэндаваных каляровых палігонаў на мапе не мае ніякага дачынення да сапраўднага размяшчэння офісаў адпаведных кампаній у горадзе. Тут мне проста пашанціла, бо, дзе знаходзяцца некаторыя айцішныя офісы, я прыблізна ўяўляю.
Добра, што ж тады мы бачым?! Тут трэба адзначыць, што малюнак трапіў да мяне ў тэлеграме ў групе супольніцтва Адкрытых дадзеных Беларусі дзякуючы намаганням Канстанціна Рэйда, за што яму асабістая падзяка. Гэта значыць, ніякай дадатковай інфармацыі, акрамя той, што на малюнку, у мяне не было. Усё што засталося, гэта разлічваць на свой светлы розум ды небагаты досвед. Так і прыйшла другая здагадка: на малюнку параўноўваюцца памеры менскіх ІТ-кампаній. Ну, там, па колькасці працуючых, напрыклад. Так, здаецца, усё як то мае быць: Эпам найбуйнейшы, затым Варгеймінг, Ай-Бі-Эй Груп ды безліч астатніх. Выдатна, падобна на праўду ў агульным выглядзе (на самой справе — не, калі пацікавіцца на тым жа dev.by, але ж туды я зазірнуў пазней).
Разабраўшыся з тым, што паказвае малюнак, я абурыўся формай падачы такой інфармацыі. Відавочна, параўнанне кампаній прапаноўваецца па плошчы адпаведных палігонаў. Задача невыканальная, бо з-за складанай формы фігур нават прыблізнае параўнанне робіцца амаль немагчымым. Дарэчы, такі прыём нагадаў даўнюю работу Н’ю Ёрк Таймз, але ж там становішча выпраўляла магчымасць узаемадзеяння з кожнай часткай візуалізацыі ды карысныя подпісы:

Больш за тое, такі метад візуалізацыі мае на ўвазе, што асобныя фігуры з’яўляюцца часткай цэлага і ў суме павінны скласці 100 адсодкаў. Ні больш, ні меньш. У выпадку ж з малюнкам Коллерз Інтэрнэшнл, кампаній на мапе відавочна меньш, чым патрэбна. Тут мне зноў пашанціла: дакладна ведаю некалькі прадстаўнікоў айчыннай ІТ-індустрыі, якія ніяк не абазначаны (хай сабе той жа БелХард, ці Вайзар, ці АйТэхАрт, ці хто там яшчэ іншы). Ну, і фрылансераў, вядома ж, нідзе не бачна. Звычайна ў такіх выпадках, каб моцна не драбніць, усе астатнія адзінкі аб’яднаюць у групу і адзначаюць як «Іншыя». Але ж і з такім імём палігона няма. Як бы там ні было, на гэтым кроку я не надта аб тым хваляваўся, таму што памылка распаўсюджаная.
Але ж засталіся іншыя пытанні. Навошта гэтая фіксацыя да мапы? Толькі, каб паказаць, што гаворка йдзе пра менскія кампаніі? Незразумела. Чаму абралі такую форму палігонаў? Няўжо наўмысна, каб людзі пакутвалі?! Прэч такія думкі!
Дый добра, што вера ў чалавецтва ў мяне яшчэ засталася. Разам з імкненнем высветліць, што ж на самой справе адлюстравана на візуалізацыі, яны мяне падштурхнулі да пошукаў арыгінальнай публікацыі. Гэта дало свой плён і я выявіў, што й другая мая здагадка, нягледзячы на сваю прывабнасць, апынулася няўдалай. Насамрэч на малюнку параўноўваецца агульная плошча буйных офісаў розных кампаній з плошчай Менску:
Команда Colliers International подготовила для Вас карту самых крупных офисов IT-компаний. Чья занимаемая площадь сораз…
Posted by Colliers International Belarus on Freitag, 29. Dezember 2017
Нарэшце таямніца раскрыта. Ну так, усё лагічна, хаця неяк і нечакана, пасля ўсіх маіх пакут і домыслаў. Але ў такім выпадку некаторыя рэчы сапраўды набываюць сэнс: дадзеныя паклалі на мапу Менску, каб гледачы маглі ўявіць размах усёй гэтай ай-ці-дзейнасці. Вельмі зручна і паказальна (калі не браць у разлік няправільную форму шматкутнікаў). Нават трохі жахліва:
Усё ж цяжка ў такое паверыць. Было б выдатна паглядзець на дакладныя лічбы. На жаль, спасылцы на крыніцу дадзеных няма ні на малюнку з візуалізацыяй, ні ў посце на старонцы ў фэйсбуку. Але здавацца ўжо позна, вырашыў выцягнуць дадзеныя з самой візуалізацыі. Заданне нетрывіальнае, але выканальнае.
Ёсць у шырокавядомай праграме для працы з электроннымі дакументамі Акрабат ад Адоб спецыяльная вымяральная прылада, што дазваляе падлічыць плошчу фігур. Нават калі тыя фігуры маюць няправільную форму. Вельмі зручная прылада. Не ведаю, наколькі яна дакладная, але мне будуць карысны і прыблізныя значэнні. Карацей, я хуценька панатыкаў кропак і атрымаў плошчу ўсіх шматкутнікаў у квадратных цалях:

Ужо лепей, але ўсё яшчэ бескарысна: трэба неяк атрымаць рэальную плошчу. Тут няма нічога складанага, калі ведаеш плошчу Менску ў межах кальцавой дарогі, а яна складае, па звестках Вікіпедыі (ну, так, Вікіпедыі), 241,7 км2. Засталося толькі вылічыць адносную долю плошчы кожнага палігона ад агульнай плошчы ўсіх палігонаў разам ды перавесці ў квадратныя кіламетры, памножыўшы на плошчу беларускай сталіцы. Спадзяюся, усё правільна зрабіў. Калі цікава, запрашаю паглядзець на лічбы й вымярэнні ў табліцы.
Вось гэта ўжо іншая справа! Маючы лічбы можна зрабіць і іншыя параўнанні. Напрыклад, плошча офісаў Варгеймінга атрымалася амаль такая ж вялікая як і плошча маёй роднай Воршы. Выбачайце, калі ласка, але гэта нейкая лухта. Ну, не больш за тую, што супрацоўнікі 43 кампаній працуюць на плошчы, на якой можа змясціцца Менск.
Можна яшчэ параўнаць плошчу офісаў з агульнай плошчай бізнэс-цэнтра, у якім гэтая офісы знаходзяцца. Прапаную працягнуць вопыты над Варгеймінгам. Вылічаная плошча яго офісаў, паводле малюнку ад Colliers International Belarus, складае 38 356 415,52 квадратных метраў, а плошча БЦ «Хваля», згодна са звесткамі праэкта prometr.by — усяго 35 608 м2. Атрымоўваецца, што спатрэбіцца больш за 1000 такіх «хваляў», каб умясціць усе гэтыя варгеймінгавы офісы. Цуды фізіцы, не інакш.

Ну, так, ёсць у мяне думка, што гэтая супярэчнасць ідзе з памылковага пераліку плошчы ў квадратных метрах у квадратныя кіламетры. Трэба памятаваць (дзякуй, што ёсць Гугл), што такіх метраў у квадратным кіламетры не тысяча, а ўвесь мільён. Калі зрабіць такую папраўку, рэчы падаюцца амаль нармалёвымі. У любым выпадку, упэўнены, ёсць сэнс пераправерыць лічбы ў візуалізацыі Коллерз.
У якасці выніку да гэтай гісторыі прапаную тры парады, карысныя пры падрохтоўцы інфаграфіцы, якую збіраецеся дзесьці апублікаваць:
- не забывайце пра назву, апісанне, легенду і розныя каментары да сваёй візуалізацыі,
- дадавайце спасылку на крыніцу, адкуль прыйшлі дадзеныя
- ды будзьце ўважлівымі пры разліках і вымярэннях.