Праект Лінкальн — візуалізацыя дадзеных для дызайнераў

Цікавая прапанова для хуткага прататыпавання візуалізацыі дадзеных з агляду ранніх распрацовак ад кампаніі Adobe.

Паглядзіце кароткае відэа з дэманстрацыяй работы прылады, вельмі ўражвае:

Так, праграма дае магчымасць рабіць візуалізацыю з дапамогай графічнага інтэрфэйсу і накіравана перш за ўсё на прадстаўнікоў творчых прафесій. У дэманстрацыі ўсё выглядае нібы магія: ніякага коду, маніпуляванне візуальнымі пераменнымі, дапасаванне розных ўласцівасцяў элементаў да дынамічных паказальнікаў, інтэграцыя з іншымі прадуктамі Adobe, экзатычныя метады візуалізацыі, гнуткія налады, спалучэнне розных візуалізацыі на адным макеце. Натуральна, Табло для дызайнераў!

Адметная асаблівасць: пачынаць працаваць можна нават без саміх дадзеных і зрабіць прататып, пакуль яны яшчэ дзесьці там ўдакладняюцца (хворая мара некаторых замоўцаў). Дастаткова вызначыць, які тып дадзеных тут будзе выкарыстоўвацца (час, катэгорыі, колькасць), і прылада згенеруе «рыбу» — пабудуе візуалізацыю на падставе выпадковых дадзеных з неабходнымі характэрнымі ўласцівасцямі.

Гучыць выдатна, але ж, як важка зазначыў Нэйтан Яў, ёсць тут нешта няправільнае, нейкая парушаная логіка, што ставіць увесь працэс работы з дадзенымі дагары нагамі. З другога боку, сам асабіста не раз сутыкаўся менавіта з такімі выпадкамі, што заўсёды тлумачацца бізнэс-неабходнасцю. Ну так, зразумела, канвеер прыпыняць не варта.

У любым выпадку, было б цікава самаму пакруціць той Лінкальн, але зараз прылада існуе толькі ў якасці прататыпу. Ці будзе Адоб займацца яе распрацоўкай і прапанаваць разам з другімі праграмамі творчага воблака — не зразумела.

Здымак на вокладцы – з відэа прэзентацыі прадукту.

Ігар Яноўскі

Візуалізуе дадзеныя з асалодай і веданнем справы, кансультуе па пытаннях візуальнай камунікацыі, часам выходзіць з дому

Leave a Reply

Your email address will not be published.