Маніфест візуалізацыі інфармацыі

Гэты дакумент, складзены Мануэлем Ліма і ўпершыню апублікаваны ў жніўні 2009 года, мае сваёю мэтай больш пэўна азначыць межы візуалізацыі інфармацыі ды даць шэраг парадаў для работы над праектамі. Пералічаныя каштоўнасці не страчваюць актуальнасці з цягам часу, што робіць публікацыю сапраўдным Маніфестам Візуалізацыі Інфармацыі.

«Мэта візуалізацыі — разуменне, а не малюнкі»
Бэн Шнайдэрман (1999)

Форму вызначае мэта

Не дадзеныя вызначаюць форму. Гэта немагчыма, бо прырода дадзеных зусім іншая. Форму вызначае мэта. А ў выпадку візуалізацыі інфармацыі, Форма ідзе ўслед за Адкрыццём. Узяць, напрыклад, звычайны стул. Дадзеныя уяўляюць розныя яго часткі (сядзенне, спінка ды ножкі), якія сабраны ў адпаведнасці з пэўнай мэтай: сесці, калі гэта стул, ці выявіць ды выкрыць інфармацыю, калі справа тычыцца візуалізацыі. У абодвух выпадках форма паўстае са спалучэння розных структурных элементаў, але не адпавядае ім. Вызначыць больш удалы варыянт па кампаноўцы ды лёгкасці разумення можна толькі ведаючы для чаго гэта робіцца. Незалежна ад прадмета, мэтай заўсёды трэба ставіць тлумачэнне ды выкрыццё, што ў сваю чаргу кіруе да адкрыцця ды прасвятлення.

Перадусім — пытанні

«Каму сорамна запытацца, страшна навучацца» — кажа дацкая прыказка. Дапытлівасць — выдатная якасць пры займанні візуалізацыяй інфармацыі. Кожны праект павінен пачынацца з пытання. Даследаванне дазваляе глыбей пазнаць сістэму і ў працэсе адказаць на пытанні, якіх спачатку нават і не было. Такое даследаванне можа паўстаць з асабістай зацікаўленасці альбо з пэўных патрэбнасцей кліента ці аўдыторыі, але, каб работа ішла шпарка, заўсёды трэба мець дакладны запыт.

Даследаванне праз узаемадзеянне

Візуалізацыя інфармацыі, паводле вызначэння Бэна Шнайдэрмана,  Сцюарта Карда ды Джока Макінлі, гэта выкарыстанне інтэрактыўнага візуальнага прадстаўлення абстрактных дадзеных, зладжанага з дапамогай кампутара, з мэтай узмацнення пазнання. Гэта вызначэнне падкрэслівае, што інтэрактыўнасць з’яўляецца неад’емнай часткай галіны. Кожная візуалізацыя інфармацыі павінна не толькі спрашчаць разуменне але і даць магчымасць прааналізаваць дадзеныя, у адпаведнасці з дакладнымі умовамі выкарыстання і вызначанымі мэтамі. Інтэрактыўнасць дае магчымасць належным чынам даследаваць і наладжваць структуру, каб адшукаць адпаведныя адказы. Патрэба ў гэтым расце разам са складанасцю сістэмы, якую трэба адлюстраваць. Візуалізацыя павінна разглядацца як даследчы інструмент.

Цытаванне крыніцы

Візуалізацыя інфармацыі, як і іншыя сродкі перадачы інфармацыі, можа ілгаць, быць няпоўнай ці нават наўмысна неаб’ектыўнай. Каб пазбегнуць непаразуменняў, трэба заўсёды даваць спасылку на крыніцу дадзеных: ці то грамадскі датасэт, ці  вынік навуковага даследавання, ці нават нейкія свае асабістыя дадзеныя. Важна адзначыць, адкуль з’явіліся звесткі, прымацаваць спасылку і, пажадана, удакладніць, якія дадзеныя дакладна выкарыстаны ў візуалізацыі і як яны былі апрацаваны. Гэта дазволіць чытачам перагледзець арыгінал і належным чынам праверыць яго сапраўднасць, надасць візуалізацыі больш даверу і цэласнасці. Эдвард Тафці ўжо даўно падтрымлівае такі падыход і выступае за тое, каб ён прымяняўся у любым праекце, што падае знешнія дадзеныя візуальна.

Выкарыстоўвай моц наратыва

Людзі любяць гісторыі, таму адным з самых эфектыўных ды ўдалых спосабаў вывучыць нешта новае, даведацца аб чымсці альбо распаўсюдзіць пэўную інфармацыю з’яўляецца расказ. Вартая візуалізацыя павінна перадаваць пэўнае паведамленне, якое можна з лёгкасцю каму-небудзь пераказаць.

Не будзь апантаны эстэтыкай

Шмат інфармацыйных візуалізацый маюць эстэтыку сваёй важнай якасцю і, на першы погляд, нават рашучым зачараваннем, але ж яна заўсёды павінна разглядацца толькі як вынік і ні ў якім разе як канчатковая мэта.

Шукай рэлевантнае

Выяўленне дарэчных сувязяў ў наборы дадзеных з’яўляецца адным з самых складаных заняткаў для любой машыны. Тут якраз да месца ўласцівыя чалавеку здольнасці: распазнаванне вобразаў і паралельная апрацоўка. Рэлевантнасць таксама моцна залежыць ад дакладнага чытача і кантэксту ўзаемадзеяння. Высокі каэфіцыент рэлевантнасці можа павялічыць магчымасці разумення, засвойвання ды здольнасці прыняцця рашэнняў.

Усюдыісны час

Адной з самых складаных зменных для адлюстравання ў любой сістэме з’яўляецца час. Гэтаксама і адной з самых насычаных. Калі разглядаць сацыяльную сеткавую дыяграму, адразу зразумела, што яе выгляд у пэўны час можа даць толькі частку звестак аб супольніцтве. З другога боку, належным чынам вымераны ды візуалізаваны час значна ўзбагаціць разуменне змен у дынаміцы гэтай сацыяльнай групы. Час трэба ўлічваць кожны раз, калі яго рух уплывае на мэтавую сістэму.

Імкненні да ведаў

Асноўная здольнасць Візуалізацыі Інфармацыі — пераўтвараць інфармацыю ў веды. Яна таксама карысна каб палегчыць разуменне ды дапамагчы ў працэсе пазнання.

Кожны праект павінен ставіць мэтай стварэнне больш зразумелай ды празрыстай сістэмы, або знайсці ў ёй відавочна новае разуменне ці мадэль. Візуалізацыя Інфармацыі кожным разам павінна перадаваць дасканалы алмаз ведаў. Як красамоўна адзначыў Жак Берцін у «Семіялогіі графікі» (упершыню надрукавана ў 1967 годзе), «выключная уласцівасць добрага графічнага ўвасаблення ў тым, што яно дазваляе ў поўнай меры вызначыць якасць змесціва інфармацыі»

Пазбягай беспадстаўных візуалізацый

«Інфармацыя далікатна, але няўмольна цярушыць нябачным, неахопным электрычным дажджом» — так распачаў сваю кнігу «Інфармацыя: новая мова навукі» фізік Ханс Крысціян фон Байер. У адказ на рост аб’ёмаў агульнадаступных дадзеных Візуалізацыя Інфармацыі мусіць быць кагнітыўным фільтрам, нібы павелічальнае шкло разумення, і ніколі не дадаваць яшчэ больш шуму да патоку. Не варта лічыць кожную візуалізацыю крокам наперад. У кантэксце Візуалізацыі Інфармацыі, простая перадача дадзеных у візуальнай форме, што не пралівае аніякага святла на адлюстраваны прадмет, ці — нават горш — робіць яго больш складаным для разумення, мусіць быць прызнана няўдачай.

*****

Пераклад Маніфеста на расейскую мову можна знайсці ў блогу Канстанціна Варыка ці на адукацыйнай пляцоўцы Infographer.

Калі заўважылі памылку ў тэксце ці маеце думкі як палепшыць пераклад, лістуйце нам на скрыню [email protected]

У ілюстрацыі выкарыстана частка карціны польскага мастака Яна Матэйкі «Канстытуцыя 3 мая 1791 года»