Flourish — платформа для візуалізацыі дадзеных
Flourish — гэта прадукт ангельскай студыі Kiln, што ўжо даўно і паспяхова займаецца інтэрактыўнай візуалізацыяй дадзеных. У 2016 годзе Дункан Кларк і Робін Х’юстан, а менявіта яны і ёсць тая самая студыя Kiln, выспелі для распрацоўцы адмысловай прылады, што дала б магчымасць людзям, далёкім ад праграмавання, самастойна рабіць высокаякасныя візуалізацыі й гісторыі. Ды рабіць гэта, зразумела, бясплатна. Выдатная справа, але хопіць ужо гісторый.
Прапаную адразу паглядзець на прадукт у дзеянні: спецыяльна для dataviz.by падрыхтаваў на базе аднаго з гатовых шаблонаў глобус Беларусі патокавую мапу з беларускім імпартам і экспартам (паводле Белстату), змешчаную на трохмернай мадэлі Зямлі. Так, візуалізацыя не вельмі карысная, але ж надта прыгожая ды яшчэ й дазваляе пазнаёміцца з выбітнымі магчымасцямі прылады. Мацайце, не бянтэжцеся:
Трэба адзначыць неблагое ўзаемадзеянне і на мабільніках, што асаблівва актуальна для медыя-індустрыі. Адаптыўны дызайн наладжаны са скрыні і не патрабуе ад карыстальніка дадатковых дзеянняў.
Дарэчы, пра дзеянні карыстальніка: адпаведна спадзяванням нічога складанага тут няма. Flourish працуе адразу ў браўзеры, не трэба нічога спампоўваць і ўсталёвываць на дыске. Каб зрабіць візуалізацыю паводле існуючага шаблона дастаткова запампаваць свае дадзеныя (ці проста ўставіць з буферу абмену), растлумачыць прыладзе дзе і што шукаць у вашай таблічцы, наладзіць па жаданню знешні выгляд ды дадаць колькі тэксту накшталт назвы й ліду. Інтэрфэйс, здаецца, дастаткова зразумелы і выглядае так:

Заўважылі кнопку «Стрварыць гісторыю»? Так, нагадвае сторыз у Інстаграме Tableau Software: увасабленне трохі іншае, але прынцып той жа. Гісторыі дазваляюць дадаць да візуалізацыі кантрольныя кропкі, на каторых дадзеныя адмыслова адфільтраваныя і адпаведна падпісаныя. Гэта добрая практыка, Н’ю-Ёрк Таймз не дадуць схлусіць: вось, напрыклад, іхні стэпер пра хваробы пажылых людзей альбо знакамітая праца з эканамічным прагнозам. З дапамогай такіх гісторыі можна звярнуць увагу чытачоў на найбольш значныя рэчы на візуалізацыі.

Калі ўсе налады зроблены, час паказаць сваю працу свету. Каб распаўсюдзіць матэрыял, аўтары Flourish прапануюць
- выкарыстаць прамую спасылку на старонку візуалізацыі ў сваёй галерэі (выглядае гэта дзесьці так),
- змясціць інтэрактыў на старонцы сайта ці блога з дапамогай эмбед-кода,
- спампаваць HTML-код ці выяву (у некаторых шаблонах, як бачна на скрыншоце, такой магчымасці няма).
Вакенца экспарту й публікацыі візуалізацыі ў Flourish
Тут трэба трохі спыніцца й колькі слоў сказаць пра ўмовы карыстання платформай. Як ужо зазначыў раней, працаваць з Флорыш можна бясплатна пры ўмове, што вашыя праекты й выкарыстаныя дадзеныя будуць публічна даступныя. Ёсць, зразумела, планы для прыватных карыстальнікаў і бізнэсоўцаў, даведацца пра іх можна па спасылцы. Мяркую, такі сцэнар добра вядомы карыстальнікам Паблік версіі Табло. Але ёсць і адна асаблівасць:
Спадзяюся, што ў мяне атрымалася вас зацікавіць і вы ўсё яшчэ сочыце за аглядам, бо гэта не ўсе прыемнасьці. На чарзе: прапанованыя шаблоны і метады візуалізацыі.

Відавочна, можна не чакаць тут хуткага з’яўлення мапы Беларусі (аднак гэта не дакладна), але, акрамя традыцыйных метадаў візуалізацыі (як то лінейны графік, слупковая й кругавая дыяграмы), варта адзначыць такія моцныя сродкі як дыяграма Санкі ды нахільная дыяграма. Цікавае рашэнне прапануецца для стварэння тэматычных кропкавых мап з выкарыстаннем розных выяваў, іконак ці нават эмаджы. Асобна зазначу адмысловыя прылады для візуалізацыі дадзеных па выбарам: дыяграмы вынікаў выбараў і «коннага забегу». Выбітны тулсэт для працуючых з сацыялагічнымі дадзенымі дазваляе хутка і бязбольна зрабіць наглядную інтэрактыўную кропкавую візуалізацыю паводле апытанняў. Нарэшце шаблон для падрыхтоўкі дыяграммы рассейвання дазваляе зрабіць візуалізацыю падобную на легендарны ўзор ад Ханса Рослінга:
Але ж і гэта яшчэ не ўсё. Распрацоўшчыкі зрабілі Flourish надта гнуткай і дадалі магчымасць ствараць свае асабістыя шаблоны з дапамогай SDK. Файна, што новыя шаблоны дадаюцца ў галерэю і карыстацца імі могуць усе жадаючыя. Ну, і, вядома, заўсёды можна замовіць адмысловую візуалізацыю ў экспертаў.
Вось цяпер, здаецца, у мяне ўсё.
Такім чынам, мы маем выдатную альтэрнатыву Табло Паблік (у першую чаргу для журналістаў), што значна прасцей ва ўзаемадзеянні ды больш дапасавана да спецыфікі распрацоўцы візуалізацыі ў медыях. Спадзяюся, прылада і супольнасць вакол Flourish будуць станоўча развівацца, а на беларускіх навінных рэсурсах і блогах у хуткім часе з’явіцца шмат карысных візуалізацый.