Пра нас

Dataviz.BY – гэта пляцоўка для прафесійнага і творчага развіцця спецыялістаў з розных сфер, дзейнасць якіх звязаная з дадзенымі і неабходнасцю расказваць пра гэтыя дадзеныя візуальнымі сродкамі.

Гэта нефармальнае аб’яднанне ўсіх тых, хто хацеў бы быць у курсе навін у датавізе, пастаянна ўдасканальваць свае веды і практычныя ўменні, дзяліцца сваім досведам з калегамі.

Місія суполкі «Датавіз у Беларусі»

  • Крытычная ацэнка спосабаў данясення інфармацыі праз візуальныя сродкі, якая публікуецца ў СМІ, сацыяльных сетках, асабліва той, што датычыцца беларускай тэматыкі.
  • Асветніцтва ў сферы digital literacy у беларускім грамадстве, перш за ўсё, папулярызацыя навыкаў медыяаналізу, выкрыццё маніпуляцыйных тэхнік у візуальным наратыве.
  • Спрыянне развіццю новых пакаленняў прафесіяналаў, якія плануюць працаваць у галінах, што маюць дачыненне да аналізу і рэпрэзентацыі дадзеных (сацыяльныя і палітычныя навукі, лінгвістыка, гісторыя, этнаграфія, геаграфія, computer science, журналістыка і інш.).
  • Стымуляванне фармавання канкурэнтнага рынку ў галіне візуалізацыі дадзеных і інфаграфікі (СМІ, карпаратыўная аналітыка, рэкламная індустрыя).
  • Папулярызацыя прыёмаў і інструментаў працы з дадзенымі, ужытку візуальнай мовы для спрашчэння камунікацыі паміж рознымі часткамі грамадства у такіх справах, як праца адміністрацыйных органаў з грамадзянамі, навуковая (у тым ліку  асабліва медыцынская і экалагічная) асвета, сацыяльна значныя праекты і інш.
  • Прасоўванне канцэпцыі адкрытых дадзеных – у супрацоўніцтве з актывістамі ініцыятывы OpenData.by.

Што мы робім і што можам прапанаваць вам?

  • Матэрыялы сайту – пераклады і арыгінальныя публікацыі
  • Майстар-класы ад практыкаў інфаграфікі і інтэрактыўнага датавізу
  • Нефармальныя сустрэчы для абмену досведам і супольнай прафесійнай адукацыі
  • Кансультацыі для рашэння складаных ці нетыповых задач у сферы інфаграфікі і датавіза
  • Супольныя праекты на актуальную для грамадства тэматыку

Наша ініцыятыва мае максімальна адкрыты характар – запрашаем далучацца да нашых сустрэч, камунікаваць з намі праз сацыяльныя сеткі, дасылаць свае матэрыялы для публікацыі на сайце.

Хто мы?

Непасрэдна падтрымкай лічбавага праекту займаюцца дзве асобы: Ігар Яноўскі ды Аляксей Яскевіч.

З усімі актыўнымі сябрамі суполкі можна пазнаёміцца проста зараз – у Facebook  або ў Telegram.