Практыка датавізу праз удзел у выпрабаваннях

Навучанне праз дзеянне дазваляе глыбей прачуць пэўныя тонкасці рабочага працэсу і атрымаць асабісты досвед. Без розніцы, колькі ты даведаўся аб прадмеце з падручнікаў, калі не замацаваў тыя веды практыкай, усё паступова забываецца. Ну, асабіста для мяне гэта дзесьці так і працуе. Таму прапаную колькі месцаў, дзе можна набіць руку з весялосцю і карысцю.

 

#ОРУ

Першым у маім спісе ідзе конкурс па візуалізацыі дадзеных «Один раз увидеть», што арганізаваны знаўцам візуалізацыі дадзеных і йнфаграфіцы Аляксандрам Багачовым ды журналістам дадзеных Андрэем Дарожным. Яны распачалі публікаваць штотыднёвыя задачы ў мінулым кастрычніку і паспелі ўжо падсумаваць вынікі першага сезону.

Механіка конкурса дужа простая: арганізатары прапануюць набор дадзеных і чакаюць ад удзельнікаў іх візуалізацыю на скрыню электроннай пошты. На работу ёсць тыдзень, збор прац прыпыняецца ў 16 гадзін чацвярга. Звычайна на наступны дзень публікуецца агляд усіх візуалізацый з каментарамі Аляксандра ці Андрэя ды даецца наступнае заданне.

Зараз арганізатары адпачываюць на зімовых канікулах, але абяцалі вярнуцца ў хуткім часе з новымі заданнямі. Сачыце за навінамі ў тэлеграм-каналах «Дата публикации» і «Чартомойка».

 

#MakeoverMonday

Далей у спісе — выпрабаванне ад супольнасці карыстальнікаў Tableau MakeoverMonday. Зараз вядучымі з’яўляюцца табло-евангелістка Эва Мурэй і табло дзэн-майстра Энды Крыбел.

Па умовах удзельнікам кожны панядзелак прапануюць на свой лад удасканаліць пэўную няўдалую візуалізацыю і падзяліцца сваім варыянтам у ціўтэры з адпаведным хэштэгам. Арганізатары раюць не марнаваць на візуалізацыю больш за дзве гадзіны, але ж не настойваюць на гэтым. Дарэчы, нейкіх строгіх абмежаванняў няма, нават Табло выкарыстоўваць неабавязкова.

Вынікі падсумоўваюць у блоге выпрабавання, дзе звяртаюць увагу чытачоў на пэўныя памылкі, даюць нейкія парады, вылучаюць сваіх фаварытаў.

 

#SWDchallenge

Вядомая знаўца візуалізацыі дадзеных Коль Нэфлік пару дзён таму абвесціла, што пачынае сваю серыю выпрабаванняў Storytelling With Data. Яна запрашае выкарыстоўваць удзел у чэленджу, каб патэставаць новую прыладу, тэхніку ці падыход, на што не адважышся ў паўсядзённай працы. Слушная прапанова, на мой погляд. Дадам, што на конкурс варта звярнуць увагу, калі ёсць патрэба ўдасканаліць навыкі распавядаць гісторыі з дапамогай візуалізацыі, бо менавіта ў гэты бок і зроблены ўхіл. Ну, ва ўсялякім выпадку, калі глядзець па першаму заданню: трэба зрабіць лінейны графік з анатацыямі.

У адрозненні ад папярэдніх выпрабаванняў, дадзеныя для візуалізацыі трэба шукаць самастойна, а новыя заданні ў #SWDchallenge будуць з’яўляцца раз у месяц. Але ж на выкананне ўсё роўна даецца толькі тыдзень, таму, калі надумалі ўзяць удзел, спяшайцеся — работы па першаму заданню Коль чакае да 9 студзеня.

 

DataViz Battle

І апошяя ў спісе — Датавіз Бойка. Гэта конкурс візуалізацыі дадзеных у межах reddit-супольнасці DataIsBeautiful, што стартаваў таксама ў гэтым студзені. Біцца ўдзельнікам прапануюць кожны месяц, дадзеныя да выпрабавання рыхтуюць арганізатары, а пераможцам абяцаюць несапраўднае золата (штосьці накшталт нейкай прэміум-фічы, здаецца). Тэмай бягучага задання абраны тэмпы росту багавіння. Гучыць трохі па-дзівацку, але вось неяк так.

 

Усім жадаю поспехаў і перамог! А, калі ведаеце іншыя спаборніцтвы ды выпрабаванні, дасылайце звесткі пра іх нам на скрыню, дадам у спіс.

У афармленні вокладцы выкарыстаны працы ўдзельнікаў конкурсу «Адзін раз убачыць». Шчыра спадзяюся, што ніхто з іх не супраць.

Ігар Яноўскі

Візуалізуе дадзеныя з асалодай і веданнем справы, кансультуе па пытаннях візуальнай камунікацыі, часам выходзіць з дому

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *