Дапаможнік па журналістыцы дадзеных: агляд другога выдання

Хто цікавіцца журналістыкай дадзеных, добра ведае гэты дапаможнік. Сёлета мы чакаем другое выданне, што мусіць узбагаціць матэрыял пяцігадовай даўніны. Ліліяна Банэгру, адна з рэдактарак дапаможніка, распавядае, чаго чакаць ад гэтай працы.

Мэта дапаможніка — забяспечыць увядзенне ў новую буйную галіну журналісцкай практыкі з дапамогай прапанаваных крытычных і практычных матэрыялаў. Новае выданне будзе дапаўняць першае з улікам бягучага стану журналістыцы дадзеных. Знойдуць сваё адлюстраванне змены ў лічбавых тэхналогіях, што закранулі галіну, новыя падыходы да працы над праэктамі, пашырэнне іх ўплыву на іншыя бакі жыцця грамадства. Як і раней, сярод аўтараў дапаможніка будуць вядучыя практыкі і даследчыкі з рэдакцый добра вядомых выданняў і адмысловых арганізацый, што распавядуць пра пэўныя праэкты ды падзеляцца сваім досведам, метадамі і тэхнікамі работы.

Структура кнігі адлюстроўвае розныя спосабы бачання і разумення галіны:

  • Ва ўвядзенні падкрэсліваецца актуальнасць працы ў час «постпраўды», даследуецца адраджэнне цікавасці да журналістыкі дадзеных і праверкі фактаў, робіцца агляд крытычных матэрыялаў па тэме;
  • першы раздзел «Журналістыка дадзеных у кантэксце» разглядае гісторыю, геаграфію, эканоміку і палітыку журналістыкі дадзеных, абапіраючыся на адпаведныя даследванні;
  • другі раздзел «Практыка журналістыкі дадзеных» змяшчае розныя метады па збору дадзеных, іх апрацоўцы ды асэнсавання, а таксама падрыхтоўкі да публікацыі;
  • заключны раздзел «Што робіць журналістыка дадзеных?» дае агляд сацыяльнага жыцця праэктаў, у тым ліку штодзённых сутыкненняў з візуалізацыямі, наладжвання міждысцыплінарнага супрацоўніцтва, уздзеяння праэктаў у розных умовах.

Ліліяна адзначае, што складальнікі імкнуцца вывучыць не толькі тое, што робіць журналістыка дадзеных, але і тое, што можна было б зрабіць інакш, каб прасоўваць дыскусіі пра будучыню грамадства дадзеных і тыя значныя глабальныя выклікі, з якімі мы зараз сутыкаемся.

Больш даведацца пра падрыхтоўку другога выдання можна з артыкула рэдактаркі. Я ж нагадаю, што першыя часткі дапаможніка мусяць з’явіцца ўжо гэтай вясною, а выданне цалкам абяцаюць выкласць у вольнае карыстанне ўвосень.

Ігар Яноўскі

Візуалізуе дадзеныя з асалодай і веданнем справы, кансультуе па пытаннях візуальнай камунікацыі, часам выходзіць з дому

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *