Візуалізацыя музыкі

На мінулым тыдні Н’ю Ёрк Таймз распавялі пра працэс стварэння “Shape of You” — гіта Эда Шырана, што ўзначаліў сёлетні чарт Білборда Hot 100 Songs. Пасля прагляду я зразумеў, што апошнім часам мне трапляецца ўсё больш візуалізацыі музыкі ды музычных твораў і вырашыў падрыхтаваць гэты невялічкі агляд. Апранайце слухаўкі, трымайце вочы шырэй ды атрымлівайце асалоду ад музыкі й яе візуальнага ўвасаблення.

Пачаць прапаную з таго самага роліку, у якім музыкі тлумачаць, як ішла праца над кампазіцыяй. Іх расказ суправаджаецца фрагментамі песні, кожны гук якой адлюстроўваны ў адмысловай анімацыі. Усё разам выглядае вельмі ўражліва, а візуалізацыя сапраўды дапамагае лепей зразумець, што там адбываецца ў музыцы:

Дарэчы, пару год таму Н’ю Ёрк Таймз ужо рабілі падобны матэрыял пра тое, як Бібер, Дзіпла ды Скрылекс працавалі над кампазіцыяй “Where Are U Now”.

Канешне, гэта не новае слова ні ў датавізе, ні ў анімацыі. Напрыклад, Оскар Фішынгер, майстра абстрактнай мультыплікацыі, ствараў такія рэчы з дапамогай папяровых фігурак задоўга да шырокага ўжывання камп’ютэрнай графікі. Самі паглядзіце, як ён, выкарыстоўваючы графічныя сродкі, удала перадае характар музыкі «Другой Вугорскай рапсодыі» Ферэнца Ліста ў сваёй «Аптычнай паэме»:

Працягваючы тэму візуальнай музыкі варта адзначыць працу Стывена Маліноўскага і яго Машыну Музычнай Анімацыі. Аднак тут трэба адзначыць, што ў адрозненні ад анімацыі таго ж Фішынгера характар работ Маліноўскага не абстрактны, а дастаткова дакладны: візуальныя сродкі перадаюць уласцівыя гукам якасці (вышыня тону, працягласць гучання, рытм, дынаміка, тэмбр), розныя інструмэнты, асаблівасці выканання музычнага твору (падкрэсліваюць тэхніку (напрыклад, піцыката); паказваюць, якая рука грае партыю). Гэтыя візуалізацыі дазваляюць літаральна ўбачыць музыку:

Мне, як уладальніку не самага дасканалага музычнага слыху, візуальная форма дадае лепшае разуменне твору, дазваляе убачыць пэўныя патэрны ды плыні. На жаль, не магу яшчэ сказаць, што зараз усё цалкам зразумеў пра музыку Дэбюсі, але ж дакладна зрабіў значны крок да гэтага. А галоўнае, ведаю дзе можна працягнуць: звяртаю вашу ўвагу на ютуб-каналы musanim і smalin, дзе вы можаце знайсці вялікую колькасць работ Стывена Маліноўскага ды па-новаму адчуць класічныя творы.

Але ж рухаемся далей, дзе нас чакае выразная візуалізацыя, што нарадзілася ў выніку ўзаемадзеяння інфармацыйнай дызайнеркі Джорджыі Люпі і гітарысткі Какі Кінг. Улічваючы асаблівасці тэхнікі выканання Какі, для якой уласціва спалучэнне тэпінгу і слэпу ды ўжывання гітары для перкусіі, Джорджыя распрацавала адмысловую візуальную мову для запісу твораў музыкі, з дапамогай якой можна было б занатаваць мелодыю (падобна на партытуру), дзе знаходзяцца ноты на грыфу гітары (падобна на табулатуру), рухі рук, розныя тыпы дакрананняў і розныя пальцы кожнай рукі, што задзейнічаны ў выманні гуку. Больш даведацца пра распрацоўку візуалізацыі можна на старонцы праэкта, а я запрашаю паглядзець (ды паслухаць, зразумела) на вынік гэтай калабарацыі:

Нарэшце апошняя работа ў гэтым аглядзе — сапраўдны скарб. Гэта Oddityviz — праэкт дызайнеркі Валенціны Дэ’Філіпэ ды даследчыцы Мірыям К’уік паводле кампазіцыі Дэвіда Боўі «Касмічнае дзівацтва». У межах праэкта аўтаркі зрабілі візуальную дэканструкцыю трэку па дзесяці розных накірунках: апавяданне, запіс, тэкстура, рытм, гармоніка, структура, мелодыка, лірыка, падарожжа маёра Тома ды эмоцыі людзей падчас праслухоўвання кампазіцыі. Кожны пласт уяўляе сабой асобную візуалізацыю са сваёй асаблівай візуальнай моваю і адгравіраваны на асобным 12-цалёвым акрылавым дыску. Ну, і, вядома ж, анімацыя, дзе спалучаюцца візуалізацыі розных пластоў пад гукі арыгінальнай кампазіцыі:

 

Тут я вырашыў прыпыніцца, каб пакінуць трохі на наступны раз, але хутка абяцаю вярнуцца. Сачыце за навінамі на нашай старонцы ў фейсбуку.

На вокладцы выкарыстаны кадр з відэа Н’ю Ёрк Таймз.

Ігар Яноўскі

Візуалізуе дадзеныя з асалодай і веданнем справы, кансультуе па пытаннях візуальнай камунікацыі, часам выходзіць з дому

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *