Flourish — платформа для візуалізацыі дадзеных

Некаторы час назад я пакідаў заяўку на ўдзел у бэта-тэставанні Flourish — новай платформы для візуалізацыі й прэзентацыі дадзеных ды падрыхтоўцы гісторый на іх аснове. На днях мне ў скрыню нарэшце трапіла запрашэнне са спасылкай на ўваход і цяпер у мяне для вас шмат прыемных навінаў, уладкоўвайцеся ямчэй.

Flourish — гэта прадукт ангельскай студыі Kiln, што ўжо даўно і паспяхова займаецца інтэрактыўнай візуалізацыяй дадзеных. У 2016 годзе Дункан Кларк і Робін Х’юстан, а менявіта яны і ёсць тая самая студыя Kiln, выспелі для распрацоўцы адмысловай прылады, што дала б магчымасць людзям, далёкім ад праграмавання, самастойна рабіць высокаякасныя візуалізацыі й гісторыі. Ды рабіць гэта, зразумела, бясплатна. Выдатная справа, але хопіць ужо гісторый.

Прапаную адразу паглядзець на прадукт у дзеянні: спецыяльна для dataviz.by падрыхтаваў на базе аднаго з гатовых шаблонаў глобус Беларусі патокавую мапу з беларускім імпартам і экспартам (паводле Белстату), змешчаную на трохмернай мадэлі Зямлі. Так, візуалізацыя не вельмі карысная, але ж надта прыгожая ды яшчэ й дазваляе пазнаёміцца з выбітнымі магчымасцямі прылады. Мацайце, не бянтэжцеся:

Трэба адзначыць неблагое ўзаемадзеянне і на мабільніках, што асаблівва актуальна для медыя-індустрыі. Адаптыўны дызайн наладжаны са скрыні і не патрабуе ад карыстальніка дадатковых дзеянняў.

Дарэчы, пра дзеянні карыстальніка: адпаведна спадзяванням нічога складанага тут няма. Flourish працуе адразу ў браўзеры, не трэба нічога спампоўваць і ўсталёвываць на дыске. Каб зрабіць візуалізацыю паводле існуючага шаблона дастаткова запампаваць свае дадзеныя (ці проста ўставіць з буферу абмену), растлумачыць прыладзе дзе і што шукаць у вашай таблічцы, наладзіць па жаданню знешні выгляд ды дадаць колькі тэксту накшталт назвы й ліду. Інтэрфэйс, здаецца, дастаткова зразумелы і выглядае так:

Інтэрфэйс платформы Flourish
Інтэрфэйс платформы Flourish з наладамі візуалізацыі

Заўважылі кнопку «Стрварыць гісторыю»? Так, нагадвае сторыз у Інстаграме Tableau Software: увасабленне трохі іншае, але прынцып той жа. Гісторыі дазваляюць дадаць да візуалізацыі кантрольныя кропкі, на каторых дадзеныя адмыслова адфільтраваныя і адпаведна падпісаныя. Гэта добрая практыка, Н’ю-Ёрк Таймз не дадуць схлусіць: вось, напрыклад, іхні стэпер пра хваробы пажылых людзей альбо знакамітая праца з эканамічным прагнозам. З дапамогай такіх гісторыі можна звярнуць увагу чытачоў на найбольш значныя рэчы на візуалізацыі.

Узор стэпера ад Н'ю-Ёрк Таймз
Узор стэпера ад Н’ю-Ёрк Таймз на прыкладзе трохмернай дыяграмы з эканамічным прагнозам

Калі ўсе налады зроблены, час паказаць сваю працу свету. Каб распаўсюдзіць матэрыял, аўтары Flourish прапануюць

  • выкарыстаць прамую спасылку на старонку візуалізацыі ў сваёй галерэі (выглядае гэта дзесьці так),
  • змясціць інтэрактыў на старонцы сайта ці блога з дапамогай эмбед-кода,
  • спампаваць HTML-код ці выяву (у некаторых шаблонах, як бачна на скрыншоце, такой магчымасці няма).

    Экспарт і публікацыя ў Flourish
    Вакенца экспарту й публікацыі візуалізацыі ў Flourish

Тут трэба трохі спыніцца й колькі слоў сказаць пра ўмовы карыстання платформай. Як ужо зазначыў раней, працаваць з Флорыш можна бясплатна пры ўмове, што вашыя праекты й выкарыстаныя дадзеныя будуць публічна даступныя. Ёсць, зразумела, планы для прыватных карыстальнікаў і бізнэсоўцаў, даведацца пра іх можна па спасылцы. Мяркую, такі сцэнар добра вядомы карыстальнікам Паблік версіі Табло. Але ёсць і адна асаблівасць:

Для журналістаў і выданяў увесь функцыянал платформы даступны бясплатна

Спадзяюся, што ў мяне атрымалася вас зацікавіць і вы ўсё яшчэ сочыце за аглядам, бо гэта не ўсе прыемнасьці. На чарзе: прапанованыя шаблоны і метады візуалізацыі.

Шаблоны візуалізацый Flourish
Шаблоны візуалізацый на платформе Flourish

Відавочна, можна не чакаць тут хуткага з’яўлення мапы Беларусі (аднак гэта не дакладна), але, акрамя традыцыйных метадаў візуалізацыі (як то лінейны графік, слупковая й кругавая дыяграмы), варта адзначыць такія моцныя сродкі як дыяграма Санкі ды нахільная дыяграма. Цікавае рашэнне прапануецца для стварэння тэматычных кропкавых мап з выкарыстаннем розных выяваў, іконак ці нават эмаджы. Асобна зазначу адмысловыя прылады для візуалізацыі дадзеных па выбарам: дыяграмы вынікаў выбараў і «коннага забегу». Выбітны тулсэт для працуючых з сацыялагічнымі дадзенымі дазваляе хутка і бязбольна зрабіць наглядную інтэрактыўную кропкавую візуалізацыю паводле апытанняў. Нарэшце шаблон для падрыхтоўкі дыяграммы рассейвання дазваляе зрабіць візуалізацыю падобную на легендарны ўзор ад Ханса Рослінга:

Але ж і гэта яшчэ не ўсё. Распрацоўшчыкі зрабілі Flourish надта гнуткай і дадалі магчымасць ствараць свае асабістыя шаблоны з дапамогай SDK. Файна, што новыя шаблоны дадаюцца ў галерэю і карыстацца імі могуць усе жадаючыя. Ну, і, вядома, заўсёды можна замовіць адмысловую візуалізацыю ў экспертаў.

Вось цяпер, здаецца, у мяне ўсё.

Такім чынам, мы маем выдатную альтэрнатыву Табло Паблік (у першую чаргу для журналістаў), што значна прасцей ва ўзаемадзеянні ды больш дапасавана да спецыфікі распрацоўцы візуалізацыі ў медыях. Спадзяюся, прылада і супольнасць вакол Flourish будуць станоўча развівацца, а на беларускіх навінных рэсурсах і блогах у хуткім часе з’явіцца шмат карысных візуалізацый.

 

Ігар Яноўскі

Візуалізуе дадзеныя з асалодай і веданнем справы, кансультуе па пытаннях візуальнай камунікацыі, часам выходзіць з дому

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *