Веды і навыкі ў датавізе

Здаецца, адным з найбольш папулярных і ў той жа час найменьш раскрытых пытанняў у датавізе з’яўляецца: «Што мне трэба ведаць і ўмець, каб прафесійна займацца гэтай справай?». Кананічным адказам ёсць накіроўванне да опусу Джына Жэлязны «Размаўляй на мове дыяграм» ці да квадралогіі Эдварда Тафці. Час ад часу робяцца спробы сістэматазаваць неабходныя веды й навыкі з нагоды даць неафітам дасканалы гайд па ўваходу ў прафесію. Напрыклад, «Я хочу стать информационным дизайнером – что дальше?» ад Лук Эт Мі з возам спасылак і парадамі ад Аляксея Навічкова, Таццяны Бібікавай ды Андрэя Скварцова.

 

Я хочу стать информационным дизайнером – что дальше?

 

Аднак такія ўніверсальныя гайды не больш карысней за агульныя спісы кніг ці адмысловых прыладаў, бо ўсё роўна патрабуюць марнавання свайго часу, каб вызначыць, што можа спатрэбіцца ў кожным асобным выпадку. Так, наўрад ці, маркетолагу альбо бізнэс-аналітыку будзе вельмі карысна «Праэктаванне навінаў» Франчэскі Франчы, для распрацоўкі камерцыйнай інфаграфікі не спатрэбяцца надта глыбокія веды метадаў візуалізацыі складанай інфармацыі, а «Размаўляй на мове дыяграм», здаецца, не лепшы варыянт для знаёмства з журналістыкай дадзеных. Між тым, спецыялістаў, што завуцца йнфармацыйнымі дызайнерамі ці візуалізатарамі дадзеных, усё яшчэ цяжка знайсьці (яшчэ цяжэй такім спецыялістам знайсьці сабе адпаведнае працоўнае месца), затое куды больш тых, хто звяртаецца да датавізу, каб вырашыць пэўныя задачы ў межах сваёй асноўнай прафесіі: журналісты, даследчыкі, навукоўцы, аналітыкі, інжэнеры, маркетолагі, графічныя дызайнеры, ілюстратары, архітэктары, GIS-спецыялісты, UX ды UI дызайнеры, кіраўнікі, спецыялісты па візуальнай камунікацыі, розныя кансультанты ды шмат хто іншы.

Зразумела, кожны мае сваю патрэбу ў візуалізацыі дадзеных, што залежыць ад дакладнай задачы і ўмоваў. Такая акалічнасць адразу губіць любую спробу адшукаць ўніверсальны шлях прафесійнага развіцця. Таму я планую зрабіць на рэсурсе dataviz.by шэраг публікацый з гайдамі па асобных накірунках датавізу, дзе сабраць адмысловыя спасылкі, спіс карысных кніг і неабходных для плённай працы прылад, парады ад дзеючых у адпаведнай галіне прафесіяналаў.

Запрашаю ўсіх, хто зацікаўлены у гэтай ініцыятыве, дзяліцца сваім уласным досведам, каб зрабіць матэрыялы больш дасканалымі: лістуйце на [email protected]

Ігар Яноўскі

Візуалізуе дадзеныя з асалодай і веданнем справы, кансультуе па пытаннях візуальнай камунікацыі, часам выходзіць з дому

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *