Мовы Беларусі ў лічбах і малюнках
У 1999 годзе Юнеска прызнала 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы. Але што такое родная мова для жыхара Беларусі? Паспрабуем разабрацца ў гэтым з дапамогай візуалізацый.
Асноўная крыніца дадзеных пра мовы ў краіне – перапісы насельніцтва. Аднак трэба памятаць, што перапіс паказвае не рэчаіснасць, а тое, як людзі ўспрымаюць яе і адлюстроўваюць ў сваіх адказах. Перапіс дазваляе даследаваць свядомасць жыхароў краіны – не толькі тых, хто адказвае на пытанні, але і тых, хто гэтыя пытанні складае, і часам нават тых, хто запісвае адказы ў перапісныя лісты.
У Беларусі апошні перапіс праводзіўся ў 2009 годзе. У перапісным лісце было тры пытанні пра мову:
- Ваша родная мова;
- На якой мове Вы звычайна размаўляеце дома?;
- Іншая(ыя) мова, якой(імі) Вы свабодна валодаеце.
Абмяркуем першыя два пытанні, таму што адказы на іх цікавейшыя. Спачатку звернемся да этнічных беларусаў, бо для іх лінгвістычныя пытанні найбольш актуальныя. Акрамя таго, беларусы складаюць 84% насельніцтва Беларусі, таму дадзеныя па ўсім жыхарах краіны не вельмі істотна адрозніваюцца.
Атрымліваецца, што беларусы могуць не размаўляць па-беларуску, але лічыць гэтую мову роднай.
Для прыхільнікаў беларушчыны “матчына мова” ёсць першым сімвалам нацыянальнай годнасці і сувярэннасці, складнік дзяржаўнай сімволікі, знамя нацыянальнага адраджэння. Сімвалічнае і метамоўнае (рэфлексійнае, абернутае на саму мову) выкарыстанне беларускай мовы першынствуе ў яе жыцці, пры гэтым камунікатыўная прызначанасць мовы аказваецца ўключанай у яе этнакансалідуючую і метамоўную функцыі (Н. Б. Мячкоўская).
Акрамя таго, відавочна, што сяляне бліжэй да каранёў і беларускай мовы, а найбольш русіфікаваным з’яўляецца Мінск, дзе большасць лічыць роднай рускую мову і мала хто размаўляе па-беларуску. Дадзеныя па сельскім жыхарам падаюцца аптымістычнымі для беларускай мовы, але трэба памятаць, што ¾ насельніцтва Беларусі жывуць у гарадах.
Здаецца, усім усё зразумела і патлумачыць уздым беларускай мовы ў 1990-я і песімістычны трэнд у 2009 вельмі проста. Хтосьці скажа, што ў 90-я гады беларусы лепей памяталі пра тое, што значыць атрымаць незалежнасць, што мова – гэта прыкмета нацыі г.д. Хтосьці адзначыць, што ў XXI ст. людзі радзей звязваюць незалежнасць з мовай ці што суверэнітэт забяспечваецца не сімвалічным адзначэннем беларускай мовы як роднай, а іншымі рэчамі. Хтосьці ўзгадае спецыфіку моўнай палітыкі ці менталітэту беларусаў. Хтосьці скажа штосьці яшчэ.
Што такое родная мова?
Але справа не толькі ў сацыяльна-палітычных працэсах, якія ўплываюць на стаўленне да моў і іх функцыянаванне ў грамадстве. У 2009 г. трохі змянілася фармулёўка пытання ў перапісным лісце. Калі ў 1999 г. проста цікавіліся пра родную мову, то ў 2009 г. з’явілася ўдакладненне: “мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве”. Ва ўказанні па запаўненні перапісного ліста (п. 33.7) напісана, што гэтае ўдакладненне трэба было прыводзіць толькі тады, калі чалавек вагаўся і не мог вызначыць родную мову, але пытанне абмяркоўвалася ў СМІ, таму пра новую фармулёўку шмат хто ведаў. Аб важнасці беларускай мовы як сімвалу сведчыць і тое, што падчас апошняга перапісу людзей пераконвалі адзначаць беларускую мову не толькі як родную, але і як “дамашнюю”.
Фармулёўка – гэта вельмі важна. І веды пра краіну даюць не толькі адказы насельніцтва, але і самі пытанні перапісу. Дарэчы, кажуць, што ў 1999 г. у перапісе хацелі даць толькі пытанне пра мову, на якой людзі размаўляюць дома, а пытанне пра родную мову не прыводзіць. Але з улікам грамадскіх дыскусій пакінулі абодва пытанні.
Таму адбываецца, што ў 1999 і 2009 гг. людзі адказвалі на трохі розныя пытанні пра родную мову, і дадзеныя за 1999 і 2009 гг., канешне, можна параўноўваць, але вынікі будуць не вельмі дакладнымі.
Праблема ў тым, што словазлучэнне родная мова мае шмат значэнняў. Гэта добра відаць нават па розных версіях “Вікіпедыі”: беларускай (яшчэ цікава параўнаць “афіцыйную” і тарашкевіцу), рускай, украінскай і англійскай. Разуменне роднай мовы як першай адпавядае рэкамендацыям ААН па перапісах. Але ў масавай свядомасці жыхароў некаторых краін, у тым ліку Беларусі і Украіны, родная мова – гэта, відаць, перш за ўсё этнічная мова, мова тытульнай нацыі.
Да таго ж, слова родная наводзіць на думкі пра тое, што нейкая мова закладваецца генетычна, а гэта не адпавядае “мэйнстрыму” сучаснага мовазнаўства. Лінгвісты спрачаюцца наконт таго, ці з’яўляецца генетычнай здольнасць чалавека авалодаць мовай як сістэмай, але гаворка не ідзе пра канкрэтную мову. Пачуцці да беларускай мовы ўзнікаюць у свядомасці чалавека культурным шляхам – праз адукацыю, сям’ю, літаратуру і іншыя формы мастацтва і г.д.
Нацыянальны статыстычны камітэт дае шмат інфармацыі па перапісе насельніцтва 2009 г. І цікава паглядзець, якія мовы з’яўляюцца роднымі для прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, што жывуць на Беларусі.
Шмат украінцаў захавалі сувязь з украінскай мовай як роднай, палякі перайшлі на беларускую, яўрэі – на рускую, а рускім пашанцавала: ім і пераходзіць ні на што не было патрэбы.
Беларусам вядомы тэзіс “у кожнай нацыі свая мова”, і слова мова тут звычайна ў адзіночным ліку. Але што такое “мова сваёй нацыянальнасці”, пра якую напісана у кнізе Нацстату, у дачыненні да яўрэяў? Ідыш, які да Айчынай вайны быў дзяржаўнай мовай БССР? Ці іўрыт, які зараз можна вывучаць у беларускай школе?
Пытанне пра родную мову перадусім вызначае стаўленне чалавека да мовы. Звесткі пра ўжыванне моў (у люстэрцы суб’ектыўных уяўленняў жыхароў краіны) дае другое пытанне перапісу насельніцтва: на якой мове Вы звычайна размаўляеце дома? На жаль, тут мы можам параўнаць толькі звесткі за 1999 і 2009 г., бо ў савецкіх перапісах такога пытання не было.
Каму з жыхароў Беларусі беларуская мова найбольш патрэбная ў жыцці? Так, палякам. І іх не так мала: у 1999 г. палякаў было каля 400 000, а ў 2009 – каля 300 000. Той факт, што палякі часта карыстаюцца беларускай мовай, звычайна тлумачаць так: былі часы, калі этнічнасць звязвалася з рэлігіяй, і таму каталікі называлі сябе палякамі (дарэчы, сёння касцёл актыўна выкарыстоўвае беларускую мову). І тут мы пераходзім да пытання: што такое нацыянальнасць? Што робіць чалавека палякам ці беларусам? Адказы могуць быць рознымі. Праблема роднай мовы знітаваная з іншымі складанымі сацыяльнымі праблемамі.
2 у 1
Падчас падрыхтоўкі перапісу ўзнікла яшчэ адно пытанне: а што, калі ў чалавека дзве родныя мовы? Рэкамендацыі былі розныя:
- Трэба вызначыцца, бо родная мова толькі адна. Дзіцё можа размаўляць толькі па-руску, па-беларуску ці на трасянцы.
- У чалавека могуць быць дзве родныя мовы, і гэта можна пазначаць у перапісным лісце.
Дарэчы, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка адказаў, што ў яго дзве родныя мовы (руская і беларуская), і перапісчыца запісала абедзве. Але матэрыялы Нацстату па рэзультатах перапісу не дазваляюць убачыць, колькі на Беларусі людзей з дзвюма роднымі мовамі.
Дома Аляксандр Рыгоравіч карыстаецца і рускай, і беларускай, і трасянкай. У перапісным лісце дзяўчына пазначыла “і ту, і ту”.
А што з трасянкай, ці больш карэктна – беларуска-рускім змешаным маўленнем?
Наконт статусу гэтай моўнай з’явы навукоўцы спрачаюцца і, каб атрымаць больш дакладныя звесткі, даследуюць гэты цікавы моўны феномен. Аднак паўтару: дадзеныя перапісу насельніцтва суб’ектыўныя па прыродзе. Напрыклад, чалавек можа размаўляць на змешанай мове і прызнаваць гэта, а можа казаць, што размаўляе па-руску ці па-беларуску. Такія адказы можна растлумачыць не толькі тым, што правесці межы паміж моўнымі з’явамі не заўсёды проста, асабліва калі кантактуюць блізкароднасныя мовы. Але больш, відаць, на адказы ўплывае тое, што на трасянцы стаіць кляймо, стыгма.
Згодна з указаннем па запаўненні перапісного ліста (п. 33.8), трасянку трэба было запісваць як іншую мову. Але невядома, як выконвалі гэта ўказанне перапісчыкі. Прынамсі, у вялікай кніжцы з рэзультатамі перапісу, якую падрыхтаваў Нацыянальны статыстычны камітэт, ні беларуска-рускай мовы, ні трасянкі, ні чагосьці падобнага няма, значыць, адказаў было няшмат. А ў 1999 г. перапісчык мог “да хрыпаты тлумачыць, што нельга ў адказы трасянку заносіць”.
Высновы
Якія вывады можна зрабіць, акрамя таго, што “ўсё складана”?
Што такое родная мова? Мова, якую чалавек засвоіў першай у дзяцінстве? Мова нацыі, продкаў, гісторыі? Асноўная мова, якой чалавек карыстаецца ў жыцці? Тая мова, да якой у чалавека ёсць нейкія асаблівыя пачуцці, і не мае значэння, ці была гэтая мова ягонай першай і ці размаўляў на ёй хтосьці з яго продкаў? Беларусы разумеюць словазлучэнне родная мова па-рознаму, таму падчас перапісу 2009 г. яны не адказвалі па-рознаму на адно пытанне, а адказвалі на розныя пытанні.
Новы перапіс насельніцтва Беларусі будзе ў наступным, 2019 годзе. На сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта прадстаўлены ліст пробнага перапісу 2017 г. З трох пытанняў пра мову засталося два: 1) Ваша родная мова (мова, засвоенная першай у раннім дзяцінстве); 2) на якой мове Вы звычайна размаўляеце дома? Пытання пра іншыя мовы, якімі свабодна валодае чалавек, больш няма. У першым пытанні пакінулі тое ж самае ўдакладненне (першая мова), таму рэзультаты перапісу 2019 г. і 2009 г. будзе прасцей параўноўваць, хаця, канешне, праблема са шматзначнасцю словазлучэння родная мова нікуды не дзенецца. Але праз некалькі год можна будзе пабачыць, ці паўплывала “мяккая беларусізацыя” і іншыя сацыяльна-палітычныя працэсы на тое, якую мову жыхары беларусы называюць роднай і выкарыстоўваюць у жыцці.
Асноўныя крыніцы
- Мячкоўская Н. Б. Мовы і культура Беларусі: нарысы. Мінск, 2008. С. 96-97.
- Перепись населения 2009 г.: Национальный состав населения Республики Беларусь / Национальный статистический комитет. Т. 3. Минск, 2011.
- Распределение населения Республики Беларусь по национальностям и языкам в 1999 году / Национальный статистический комитет.
- Шахотько Л. П., Куделка Д. Н. Этноязыковый состав населения Республики Беларусь // Вопросы статистики. 2002, №11. С. 30-37.